Малітоўнае правіла прп. Серафіма Сароўскага
О́йча наш [тройчы]
О́йча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяці́цца імя́ Тваё, няхай пры́йдзе Ца́рства Тваё, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ як на не́бе, так і на зямлі́.
Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгі́ на́шы, як і мы дару́ем даўжніка́м на́шым; і не ўвядзі́ нас у спаку́су, але збаў нас ад зло́га.
Песня да Прасвятой Багародзіцы [тройчы]
Багаро́дзіца Дзе́ва, ра́дуйся, Благада́тная Мары́я, Гаспо́дзь з Табо́ю; благаславёная Ты сяро́д жанчы́н і благаславёны плод уло́ння Твайго́, бо Ты нарадзі́ла Спасі́целя душ на́шых.
Сімвал веры
1. Ве́рую ў Адзі́нага Бо́га Айца́, Уседзяржы́целя, Тварца́ не́ба і зямлі́, усяго́ ба́чнага і няба́чнага.
2. І ў адзі́нага Го́спада Іісу́са Хрыста́, Сы́на Бо́жага, Адзінаро́днага, ад Айца́ наро́джанага пе́рад усі́мі вяка́мі; Святло́ ад Святла́, Бо́га і́сціннага ад Бога і́сціннага, наро́джанага, не ство́ранага, адзінасу́тнага з Айцо́м, праз Яко́га ўсё ста́лася.
3. Які́ дзе́ля нас, людзе́й, і дзе́ля на́шага спасе́ння сышо́ў з нябёс і ўцяле́сніўся ад Ду́ха Свято́га і Дзе́вы Мары́і, і стаў чалаве́кам.
4. Быў распя́ты за нас пры По́нціі Піла́це, і паку́таваў, і быў пахава́ны.
5. І ўваскрэ́с на трэ́ці дзень зго́дна з Піса́ннем.
6. І ўзышо́ў на нябёсы, і сядзі́ць правару́ч Айца́.
7. І зноў пры́йдзе ў сла́ве судзі́ць жывы́х і мёртвых, і Яго Ца́рству не бу́дзе канца́.
8. І ў Ду́ха Свято́га, Го́спада, Жыватво́рчага, што ад Айца́ зыхо́дзіць, што з Айцо́м і Сы́нам ра́зам пакланя́емы і сла́вімы, што гавары́ў праз праро́каў.
9. У адзі́ную Святу́ю Сабо́рную і Апо́стальскую Царкву́.
10. Вызнаю́ адно́ хрышчэ́нне для адпушчэ́ння грахо́ў.
11. Чака́ю ўваскрасе́ння мёртвых
12. і жыцця́ бу́дучага ве́ку. Амі́нь.
Іісусава малітва
Госпадзі, Іісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй мяне грэшнага.
Малітва Прасвятой Багародзіцы
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ мяне грэшнага.