Малітвы падзякі пасля Святога Прычашчэння

Сла́ва Табе́, Бо́жа. (Тройчы)

Малітва падзякі, 1-я

Дзя́кую Табе́, Го́спадзі Бо́жа мой, што Ты не адкі́нуў мяне́, грэ́шнага,

а быць супо́льнікам Святы́нь Тваі́х спадо́біў мяне́.

Дзя́кую Табе́, што мяне́, недасто́йнага, прычасці́цца Прачы́стых Тваі́х і Нябе́сных Даро́ў спадо́біў Ты.

Але, Уладару́ Чалавекалю́бны,

Які́ за нас памёр і ўваскрэ́с,

і даў нам Стра́шныя гэ́тыя і Жыватво́рчыя Та́йны

для до́брага ўздзе́яння і асвячэ́ння душ і цел на́шых,

дай, каб яны́ былі́ і мне

для ацале́ння душы́ і це́ла,

для адгна́ння ўся́кага праці́ўніка,

для прасвятле́ння вачэ́й сэ́рца майго́,

для мі́ру душэ́ўных маі́х сіл,

для ве́ры непахі́снай,

для любо́ві некрываду́шнай,

для напаўне́ння праму́драсцю,

для выкана́ння за́паведзяў Тваі́х,

для памнажэ́ння Бажэ́ственнай Тваёй благада́ці

і Твайго́ Ца́рства ўнасле́давання,

каб у асвячэ́нні Тваі́м і́мі захава́ны, Тваю́ благада́ць я по́мніў заўжды́,

і ўжо не для сябе́ жыў, а для Цябе́, на́шага Уладара́ і Дабрадзе́я.

І каб так адышо́ўшы з гэ́тага жыцця́ з надзе́яй на жыццё ве́чнае я дасягну́ў ве́чнага спако́ю,

дзе святку́ючых го́лас несціха́ны і невымо́ўная асало́да сузіра́льнікаў невыка́знага хараства́ аблі́чча Твайго́.

Бо Ты – сапра́ўдная мэ́та жада́ння і невымо́ўная ра́дасць для тых, хто лю́біць Цябе́, Хрысце́ Бо́жа наш, і Цябе́ апява́е ўсё стварэ́нне наве́кі.

Амі́нь.

Малітва святога Васілія Вялікага, 2-я

Уладару́ Хрысце́ Бо́жа, Цару́ вяко́ў і Ствары́целю ўсяго́!

Дзя́кую Табе́ за ўсё до́брае, што Ты даў мне, і за прычашчэ́нне Прачы́стых і Жыватво́рчых Тваі́х Тайн.

І малю́ Цябе́, До́бры і Чалавекалю́бны:

захава́й мяне́ пад по́крывам Тваі́м і ў за́сені кры́лаў Тваі́х;

і дай мне з чы́стым сумле́ннем, да са́мага апо́шняга майго́ дыха́ння

дасто́йна прычашча́цца Святы́нь Тваі́х

для адпушчэ́ння грахо́ў і для жыцця́ ве́чнага.

Бо Ты – хлеб жыцця́, крыні́ца асвячэ́ння, пада́цель дабра́,

і Табе́ мы сла́ву ўзно́сім з Айцо́м і Святы́м Ду́хам цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Амі́нь.

Малітва святога Сімяона Метафраста, 3-я

Ты, Які́ дабраво́льна даў на пажы́так мне плоць Тваю́,

бу́дучы агнём, што спа́львае недасто́йных,

не спалі́ мяне́, Ствары́целю мой;

а прайдзі́ ў чле́ны мае́, ва ўсе́ суста́вы, ва ўну́транасці, у сэ́рца.

Папалі́ це́рні ўсіх маі́х саграшэ́нняў.

Душу́ ачы́сці, асвяці́ ду́мкі.

Умацу́й у кале́нях но́гі мае́.

Прасвятлі́ пяць звыча́йных пачу́ццяў.

Усяго́ мяне́ прыку́й да стра́ху Твайго́.

Заўжды́ абараня́й, ахо́ўвай і засцерага́й мяне́ ад усяля́кай спра́вы і сло́ва душатле́ннага.

Ачы́сці, абмы́й, і ўпара́дкуй мяне́, упрыго́ж, навучы́ і прасвятлі́ мяне́.

Зрабі́ мяне́ пасе́лішчам Твайго́ Адзі́нага Ду́ха, а ўжо не пасе́лішчам граху́.

Каб ад мяне́, як ад Твайго́ до́ма, пасля́ прыня́цця Прыча́сця ўцяка́ў, як ад агню́, уся́кі зло́дзей, усяля́кая страсць.

Як малі́твеннікаў за сябе́ я прыво́джу Табе́

ўсіх святы́х,

чынанача́ллі бяспло́тных,

Прадце́чу Твайго́,

праму́дрых апо́сталаў,

а яшчэ́ і Тваю́ Незага́нную Чы́стую Ма́ці.

Іх мальбы́, прымі́, міласэ́рны Хрысце́ мой і сы́нам святла́ зрабі́ Твайго́ слугу́.

Бо Ты, До́бры, – адзі́нае асвячэ́нне і святло́ душ на́шых,

і Табе́ нале́жным чы́нам, як Бо́гу і Уладару́, мы ўсе́ сла́ву ўзно́сім штодзе́нь.

Малітва 4-я

Це́ла Тваё Свято́е, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́ Бо́жа наш, няха́й бу́дзе мне для жыцця́ ве́чнага,

і Кроў Твая́ Пачэ́сная для адпушчэ́ння грахо́ў;

няха́й бу́дзе мне Прычашчэ́нне гэ́тае на ра́дасць, здаро́ўе і весяло́сць;

а ў час стра́шнага друго́га прышэ́сця Твайго́ спадо́бі мяне́, грэ́шнага, стаць правару́ч сла́вы Тваёй,

па малі́твах Прачы́стае Твае́ Ма́ці і ўсіх святы́х.

Малітва 5-я, да Прасвятой Багародзіцы

Прасвята́я Улады́чыца Багаро́дзіца, святло́ азмро́чанай маёй душы́, надзе́я, ахо́ва, прыту́лак, уце́ха, ра́дасць мая́!

Дзя́кую Табе́, што Ты спадо́біла мяне́, недасто́йнага, прыча́снікам быць Прачы́стага Це́ла і Пачэ́снае Крыві́ Сы́на Твайго́.

Ты, Яка́я нарадзі́ла І́сціннае Святло́, прасвятлі́ духо́ўныя во́чы майго́ сэ́рца;

Ты, Яка́я Крыні́цу Несмяро́тнасці нарадзі́ла, ажыві́ мяне́, умярцвёнага грахо́м;

Ты, Мі́ласцівага Бо́га Міласэ́рная Ма́ці,

памі́луй мяне́ і дай мне замілава́нне, і скру́ху ў сэ́рцы маі́м,

і пако́ру ў ду́мках маі́х, і вярта́нне з пало́ну мро́яў маі́х;

і спадо́бі мяне́ да апо́шняга дыха́ння неасу́джана прыма́ць Святы́ню Прачы́стых Тайн для ацале́ння душы́ і це́ла.

І дай мне слёзы пакая́ння і падзя́кі,

каб я апява́ў і сла́віў Цябе́ ва ўсе дні жыцця́ майго́,

бо Ты Благаславёная і Прасла́ўленая наве́кі.

Амі́нь.

+

Цяпе́р адпуска́еш Ты раба́ Твайго́, Уладару́, паво́дле сло́ва Твайго́, з мі́рам,

бо ўба́чылі во́чы мае́ спасе́нне Тваё, яко́е Ты прыгатава́ў пе́рад аблі́ччам усіх наро́даў –

святло́ для асве́ты язы́чнікаў і сла́ву наро́да Твайго́ Ізра́іля.

Святы́ Бо́жа, Святы́ Мо́цны, Святы́ Несмяро́тны, памі́луй нас. [Тройчы]

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Прасвята́я Тро́іца, памі́луй нас; Го́спадзі, ачы́сці грахі́ на́шы; Уладару́, праба́ч беззако́нні на́шы; Святы́, наве́дай і ацалі́ не́мачы на́шы дзе́ля імя́ Твайго́.

Го́спадзі, памі́луй. [Тройчы]

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

О́йча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяці́цца імя́ Тваё, няхай пры́йдзе Ца́рства Тваё, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ як на не́бе, так і на зямлі́.

Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгі́ на́шы, як і мы дару́ем даўжніка́м на́шым; і не ўвядзі́ нас у спаку́су, але збаў нас ад зло́га.

Трапар святому Іаану Залатавусту, глас 8

Ву́снаў Тваі́х благада́ць, як святло́ агню́, заззя́ўшы, сусве́т асвятлі́ла;

не срэ́бралю́бства скарб для све́ту набыла́ яна, а вышыню́ пакораму́драсці нам паказа́ла,

але́ Тваі́мі сло́вамі нас навуча́ючы, о́йча Іаа́не Залатаву́сце, малі́ Сло́ва Хрыста́ Бо́га, каб спаслі́ся ду́шы на́шы.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Кандак святому Іаану Залатавусту, глас 6

З Нябёс прыня́ў ты Бажэ́ственную благада́ць,

і сваі́мі ву́снамі ўсіх ву́чыш пакланя́цца ў Тро́іцы Адзі́наму Бо́гу,

Іаа́не Залатаву́сце ўсеблажэ́нны, прападо́бны,

дасто́йна хва́лім цябе́,

бо ты наста́ўнік, які́ бажэ́ственнае нам адкрыва́е.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

+

Абаро́на хрысція́н надзе́йная,

Хада́йніца да Тварца́ нязме́нная,

не пагарджа́й малі́твамі грэ́шнікаў,

а паспе́й, як До́брая, на дапамо́гу нам,

што з ве́раю ўскліка́ем да Цябе́:

паспяша́йся на засту́пніцтва і ху́тка прыйдзі́ на хада́йніцтва,

абараня́ючы заўжды́, Багаро́дзіца, тых, хто шану́е Цябе́.

Го́спадзі, памі́луй. [12 разоў]

Пачэ́снейшую за Херуві́маў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафі́маў, што непару́шанаю нарадзі́ла Бо́га Сло́ва, І́сную Багаро́дзіцу, Цябе веліча́ем.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Го́спадзі, памі́луй. [Тройчы]