У сераду першага тыдня Вялікага посту

Песня 1. Глас 6
Ірмо́с: Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
З юнацтва я, Хрысце, запаведзі Твае паруша́ў, пажа́дліва, нядба́йна, бяздзе́йна правёў я ўсё жыццё, таму ўсклікаю да цябе, Спасіцель: "Хаця б пад канец, спасі мяне!"
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Упаўшага ніц перад варотамі Тваімі, Спасіцель, хаця б у старасці не адкінь мяне ў пекла ні з чым, але перад канцом, як Чалавекалюбец, дай мне саграшэнняў адпушчэнне.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Маёмасць сваю, Спасіцель, у блудзе растра́ціўшы, застаўся я без пладоў набожнасці, і, пакутуючы ад голаду, усклікаю: "Ойча міласэрны, паспяшайся, Сам злітуйся нада мною!"
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Я, захоплены разбойнікамі – помысламі маімі, увесь імі знявечаны цяпер і ранамі пакрыты; але Ты Сам, Хрысце Спасіцель, прыйдзі і ацалі мяне.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Свяшчэннік, заўважыўшы мяне, прайшоў міма, і левіт, убачыўшы мяне ў цяжкай бядзе, голым, пакінуў без увагі. Але Ты, Які з Марыі заззяў Іісусе, прыйдзі і памілуй мяне.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Ты мне дай светлаза́рную благадаць ад Вышняга Бажэственнага Промысла, каб пазбе́гнуць азмрочання пажа́днасцямі і апяваць старанна Твайго, Марыя, жыцця слаўныя подзвігі.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Звыш існая Троіца, у Адзінстве пакланя́емая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая ў пакаянні прымі мяне.
Песня 2
Ірмо́с: Пачуй, неба, я буду абвяшчаць і апяваць Хрыста, Які з Дзевы прышоў у плоці.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Паў я з-за няўстрыманасці, падобна Даві ду і апаганіўся; але абмый і мяне, Спасіцель, слязамі маімі.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Ні слёз, ні пакаяння няма ў мяне, ні скрухі сардэчнай; Ты, Спасіцель, як Бог, Сам дай мне гэта.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Страціў і першасную прыгажосць і хараство маё, і цяпер ляжу голы і саромеюся.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Дзверы Твае не зачыні перада мною тады, Госпадзі, Госпадзі, а адкрый іх для мяне, які каецца перад Табою.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Пачуй стогны душы маёй і прымі вачэй маіх слёзныя кроплі, Спасіцель, і спасі мяне.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Чалавекалюбец! Ты жадаеш спасення ўсім, пакліч і як Добры прымі мяне, які каецца.
Прыпеў: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.
Прачыстая Багародзіца Дзева, адзіная ўсімі апяваемая, маліся старанна за спасенне наша.
Ірмо́с: Глядзіце і ўбачце, што Я – Бог, Які манну, як дождж, паслаў і ваду з ка́меня праліў некалі ў пустыні лю́дзям Маім дзясніцаю адзінаю і моцаю Маёю.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
"Глядзіце і ўбачце, што Я – Бог!" Слухай, душа мая, Госпада, Які прамаўляе, і адступі ад ранейшага граху, і страшыся Яго як Непадкупнага Суддзі і як Бога.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
На каго падобная ты, мнагагрэшная душа, як не на першага Каіна, а затым на Ламе́ха, пабіўшы камяня́мі – зладзействамі – цела і ўмярцвіўшы розум нягоднымі памышленнямі?
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Усіх, што жылі́ да закона, поглядам акінуўшы, душа, не стала ты падобнаю Сіфу, не ўзяла прыклад ні з Яно́са, ні з Яно́ха ў перасяле́нні, ні з Ноя, а застала́ся ўбогаю ў параўнанні з жыццём праведнікаў.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Ты адна распахнула вадаспа́ды гневу Бога твайго, душа мая, і, як зямлю, патапіла ўсю плоць, і справы, і жыццё, і застала́ся без выратава́льнага каўчэга.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
З усёю стараннасцю і любоўю звярнулася ты да Хрыста, адвярнуўшыся ад ранейшага шляху грахоўнага, жывучы́ ў пустынях непраходных, і бездакорна выконваючы Яго Божыя запаведзі.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Беспачатная, няствораная Троіца, нераздзельнае Адзінства, прымі мяне, які каецца, спасі мяне, які саграшыў, я – стварэнне Тваё, не пагарджа́й мною, але злі́туйся і збаў мяне ад вогненнага асуджэння.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: Прачыстая Уладычыца, Божая Радзіцелька, Надзея тых, хто звяртаецца да Цябе, і Прыстанішча захопленых бураю, міласцівага Стварыцеля і Сына Твайго ўмі́ласціві і да мяне малітвамі Тваімі.
Песня 3
Ірмо́с: Умацуй, Госпадзі, на камені запаведзяў Тваіх няўстойлівае сэрца маё, бо адзіны Ты Святы і Гасподзь.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Ні благаславення Сімавага не атрымала ты ў спадчыну, душа злашчасная, ні вялікага абша́ру ўладання, як Іа́фет, не атрымала на зямлі прабачэння.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
З зямлі Харра́н – з граху выйдзі, душа мая, паспяшайся ў зямлю, якая вытача́е вечна жывую нятле́ннасць і якую Аўраам атрымаў у спадчыну.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Пра Аўраама чула ты, душа мая, як ён у старажытнасці пакінуў зямлю бацькоўскую і зрабіўся пры́хаднем; яго рашучасць вазьмі за прыклад.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Каля дуба Мамврыйскага патрыярх, Ангелаў пачаставаўшы, атрымаў у старасці ў спадчыну абетаванне ва ўзнагароду.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Пра Ісаака, злашчасная душа мая, даведаўшыся як пра новую ахвяру ўсеспалення, таямніча прыне́сеную Госпаду, вазьмі за прыклад яго рашучасць.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Пра Ісма́іла ты чула, душа мая, вы́гнанага, як народжанага рабыняю; глядзі, устрымлівайся, каб і з табою з-за распуснасці не атрымалася падобнага.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Ахоплены я бураю і штормам саграшэнняў, але ты сама мяне, маці, вы́ратуй цяпер і прывядзі да прыстанку Бажэственнага пакаяння.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Рабскае маленне і цяпер, прападобная, узнёсшы да міласэрнай Багародзіцы, адкрый і для мяне тваім хада́йніцтвам Бажэственныя ўваходы.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Троіца простая, не створаная, беспачатная Істота, апяваемая ў Трох Іпастасях, спасі нас, якія з вераю пакланяемся ўладзе Тваёй.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: Ад Айца раней часоў народжанага Сына Ты ў часе нарадзіла, Божая Радзіцелька, не спазнаўшы мужа, – о дзіўны цуд, – Дзеваю застаючыся і малаком кормячы.
Песня 4
Ірмо́с: Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашы́ўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і лю́дзям явіц ца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашы́ўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Цела маё апаганена, дух забру́джаны, увесь я пакрыты язвамі; але Ты, як урач, Хрысце, ацалі і тое і другое маім пакаяннем, амый, ачысці і зрабі мяне, Спасіцель мой, за снег чысце́йшым.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Ты, Слова, будучы распятым за ўсіх, прапанаваў Цела Тваё і Кроў: Цела – каб мяне аднавіць, Кроў – каб амыць мяне. Дух жа аддаў Ты, каб мяне прывесці, Хрысце, да Айца Твайго.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Здзейсніў Ты спасенне пасярод зямлі, Міласэрны, каб нам спасціся, Ты дабравольна на Дрэве быў распяты; Эдэм зачынены адкрыўся; Табе пакланяюцца горнія і дольнія стварэнні і ўсе спасёныя народы.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Няхай кроў з рэбраў Тваіх, Слова, будзе мне купеллю і разам з тым піццём, што вытача́е ваду прабачэння, каб мне поўнасцю ачысціцца, пама́зваючыся і наталя́ючыся Тваімі жыватворнымі словамі, як ма́ззю і піццём.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Як чашу Царква атрымала рэбры Твае жываносныя, з якіх падвойны нам выцякае струме́нь: прабачэння грахоў і пазнання, як вобраз Старога і Новага – разам двух Запаветаў, Спасіцель наш.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Пазба́ўлены я хораму, пазба́ўлены і шлюбу, а разам з тым і вячэры; свяцільнік згас, бо няма ў ім алею, хорам, пакуль я спаў, зачыніўся, вячэра скончылася, а я па руках і нагах звя́заны і выкінуты вон.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Нераздзе́льнае Істотаю і нязлі́тнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінаца́рственнае і Супрасто́льнае, я навуча́юся богапазна́нню. Спяваю Табе песню ве́лічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: І нараджа́еш Ты, і застаешся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.
Песня 5
Ірмо́с: Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсня́ць волю Тваю.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Маючы цяжкі нораў, фараону жорсткаму стаў я падобны, а Іані́ю і Іамвры́ю падобны душою і целам, і ўвяз розумам; але Ты, Уладар, памажы́ мне.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
З граззю я, няшчасны, змяшаўся розумам сваім, але абмый мяне, Уладар, у купелі слёз маіх, малю Цябе, адзенне плоці маёй вы́беліўшы як снег.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Калі стану я дасле́даваць справы свае, Спасіцель, то бачу, што я кожнага чалавека грахамі пераўзышоў, бо ў поўным разуме́нні я грашыў, а не ў неразуме́нні.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Злітуйся, злітуйся, Госпадзі, над стварэннем Тваім. Саграшыў я – прабач мяне, бо Ты адзін толькі чысты па прыродзе, і ніхто іншы, акрамя Цябе, не бывае без нечыстаты́.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Дзеля мяне Ты, будучы Богам, прыня́ў мой вобраз, здзе́йсніў цуды, ацаліўшы пракажоных, ўмацаваўшы спаралізаванага, і спыніўшы ў жанчыны кровацячэнне, Спасіцель, праз дакрана́нне да кра́ю вопраткі.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Паток Іардана перайшоўшы, знайшла ты спакой непару́шны, пазбе́гнуўшы плоцкай асалоды; ад яе і нас пазбаў тваімі малітвамі, прападобная.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух", – простая Істота, Адзінства заўсёды пакланя́емае.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: З Цябе, непару́шаная, бязмужняя Маці-Дзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.
Песня 6
Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраметнага, і вы́веў з пагібелі жыццё маё.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Паўстань і змагайся, як Іісус з Амалікам, з плоцкімі пажаднасцямі, заўсёды перамагаючы і гавааніця́наў – падма́нныя помыслы.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Перайдзі праз цякучую прыроду часу, як некалі каўчэг запавету, і ўступі ў валоданне тою зямлёю абе тавання, душа: Бог загадвае.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Як уратаваў Ты Пятра, які закрычаў, паспяшайся спасці і мяне, Спасіцель, ад звера мяне ўратуй, працягнуўшы руку Тваю, і выведзі з глыбіні́ грахоўнай.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Як ціхае прыстанішча ведаю Цябе, Уладар, Уладар Хрысце; але з бяздонных глыбіняў граху і адчаю мяне паспяшайся збавіць.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: "Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злучанае па прыродзе", – Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзіч ны: Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыняў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам по малітвах Тваіх апраўдацца.
Кандак, глас 6: Душа мая, душа мая, / паўстань, што спіш ты? / Канец набліжа́ецца, / і ты моцна збянтэ́жышся. / Уздымі́ся ж, / каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, // Які ўсюды прысу́тны і ўсё напаўня́е.
Песня 7
Ірмо́с: Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не вы́каналі таго, што Ты запаве́даў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Манасі́евы саграшэнні сабрала ты дабравольна, усталява́ўшы пажаднасці, як мярзотных ідалаў, і наклікаўшы, душа, яшчэ большы гнеў на сябе; але горача перайма́ючы яго пакаянне, дасягні скру́шанасці сардэчна й.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
На Ахава ты раўнялася ў мярзотных справах, душа мая, гора мне! Зрабілася ты скопішчам плоцкай нечыстаты і паганым ёмішчам пажаднасцей; але з глыбіні сваёй зарыдай і паведамі Богу грахі твае.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Зачы́нена для цябе неба, душа, і голад Божы насцігнуў цябе, як некалі было, калі не паслухаўся Ахаў слоў Іліі Фесві́цяніна; але зрабіся падобнай да Сарэпцкай удавы: наталі́ душу́ прарока.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Некалі Ілія спаліў два разы па пяцьдзясят слуг Іезаве́лі, тады і прарокаў язычніцкіх ён знішчыў, выкрыва́ючы Аха́ва; але пазбягай таго, каб быць падобнай і тым, і другім, душа, і ўмацоўвайся вераю.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыцці – усіх Бога.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: Апява́ем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланя́емся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы – Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.
Песня 8
Ірмо́с: Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Суддзя праведны, Спасіцель, памілуй і збаў мяне ад агню і пакарання, якое справядліва належыць мне на судзе атрымаць; дай апраўдацца мне, пакуль яшчэ не канец, праз дабрадзейнасць і пакаянне.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Як разбойнік усклікаю да Цябе: "Памяні мяне!"; як Пётр, плачу горка; "Прабач мяне, Спасіцель", – прашу, як мытнік; лію слёзы, як блудніца; прымі маё рыданне, як некалі ад ханане́янкі.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Спасіцель, ацалі нагнае́нне пакорнай маёй душы; адзіны Урач, прыкладзі мне пластыр, і ялей, і віно – справы пакаяння, скру́шанасці сардэчнай са слязьмі.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Падобна ханане́янцы, і я ў склікаю да Сына Давідавага: "Памілуй мяне"; дакранаюся да кра́ю вопраткі, як кроватачывая; плачу, як Марфа і Марыя над Лазарам.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра – плоць Эману́іла ўнутры ўлоння Твайго сатка́лася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.
Песня 9
Ірмо́с: Нараджэнне зачатага без семені – неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, – беззага́нны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Хрыстос Слова, хваробы ацаляючы, убогім дабраве́сціў, скале́чаных ацаляя́ў, з мытнікамі еў, з грэшнікамі размаўляў, Іаіравай дачцэ душу́, што ўжо адышла, вярнуў дакрана́ннем рукі́.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Мытнік атрымаў спасенне і блудніца стала цнатлівай, а фарысей, які хваліўся, атрымаў асуджэнне. Бо першы ўсклікаў: "Будзь міласцівы да мяне!" Другая прасіла: "Памілуй мяне!" А апошні пыхліва прамаўляў: "Божа, дзякую Табе!" І іншыя неразумныя словы.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Закхей быў мытнікам, але ж атрымаў спасенне, фарысей Сі́ман усумніўся, а блудніца атрымала поўнае прабачэнне а д Таго, Хто мае ўладу адпускаць грахі; імкніся ж, душа, і ты быць падобнай да яе.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Не пажада́ла ты быць падобнай, няшчасная душа мая, да той блудніцы, што, узяўшы алеба́стравую пасудзіну з мірам, слязьмі пама́зала і валасамі абце́рла ногі Спасіцеля, Які разарваў спісак ранейшых грахоў яе.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Ты ведаеш, душа мая, як пракля́ты былі́ гарады, якім Хрыстос дабраве́сціў Евангелле; страшы́ся гэтага прыкладу, не будзь такой, як яны, бо Уладыка, параўна́ўшы іх з Садомам, да пекла прысудзіў іх.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Не зрабіся горшай за ханане́янку, душа мая, з-за адчаю, бо ты чула пра веру, дзякуючы якой дачка яе ацалілася Божым словам. "Сыне Давідаў, спасі і мяне!" – усклікні з глыбіні́ сэрца, як яна Хрысту.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Троічны: Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся – Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыццям, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Багародзічны: Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю царствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыя́ннем адольвае ўсякае выпрабава́нне, і скара́е ворагаў, і трымае іх у паслушэ́нстве.
Прыпеў: Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.
Андрэю: Андрэе дастахва́льны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.