У панядзелак першага тыдня вялікага посту

Песня 1. Глас 6

Ірмо́с: Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

З чаго пачну аплакваць акаяннага майго жыцця дзе́янні? Які пакладу пачатак, Хрысце, цяперашняму пла́чу? Але Ты, як Міласэрны, дай мне саграшэнняў прабачэнне.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Прыйдзі, няшчасная душа, з плоццю тваёю да Стварыцеля ўсяго, спавядайся і пакінь, нарэшце, ранейшую бяздумнасць, і прынясі Богу пакаянне слёзнае.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

За першаствораным Адамам ў парушэ́нні пасле́даваўшы, спазна́ў я сябе адлу́чаным ад Бога, і ад вечнага Царства, і ад асалоды – з-за грахоў маіх.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Го́ра мне, няшчасная мая душа! Навошта стала ты падобнаю першай Еве? Бо глядзела ты зламысна, і ўра́зілася жорстка, і дакранулася да дрэва, і пакаштавала ежу дзёрзка і бяздумна.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Замест Евы пачуццёвай, паўстала ўва мне Ева ўя́ўная – у плоці пажа́длівае памышле́нне, пака́зваючы на выгляд салодкае, але на смак заўсёды горкае піццё.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Варты выгна́ння з Эдэма быў Адам, бо не вы́канаў адзіную Тваю, Спасіцель, запаведзь; як жа пакутаваць буду я, які заўсёды адвяргаю жыватворныя Твае словы?

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: Звыш існая Троіца, у Адзінстве пакланя́емая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая ў пакаянні прымі мяне.

Песня 2

Ірмо́с: Пачуй, неба, я буду абвяшчаць і апяваць Хрыста, Які з Дзевы прышоў у плоці.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Пачуй, неба, я буду абвяшчаць; зямля, слухай голас таго, хто ка́ецца перад Богам і апявае Яго.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Спагля́нь на мяне, Божа, Спасіцель мой, мі́ласцівым Тваім позіркам і прымі маё гарачае спавяданне.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Саграшыў я больш за ўсіх людзей, адзін саграшыў перад Табою; але Ты як Бог памілуй, Спасіцель, Тваё стварэнне.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Увасобіўшы сваіх страсце́й агіднасць, сласталю́бнымі жаданнямі сказіў я прыгажосць розуму.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Бура зла ахоплівае мяне, міласэрны Госпадзі, але Ты, як Пятру, і мне руку́ працягні.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Апаганіў я плоці маёй вопратку і забрудзіў тое, Спасіцель, ў чым вобраз Твой і падабенства.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Азмрочыў я душы́ прыгажосць асалодаю страсце́й і цалкам увесь розум у пыл ператварыў.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Парваў я ўжо адзенне маё першае, якое саткаў мне Стварыцель адпачатку, і таму ляжу голы.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Апрануўся я ў рванае рыззё, якое саткаў для мяне змей сваёю пара́даю, і саро́меюся.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Слёзы блудніцы, Мі́ласцівы, і я праліваю; ачысці мяне, Спасіцель, па міласэрнасці Тваёй.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Паглядзе́ў я на прыгажосць дрэва і спакусіўся розумам, таму цяпер ляжу голы і цярплю сорам.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Аралі на хрыбце́ маім усе правадыры́ страсцей, расця́гваючы ўздоўж па мне беззаконне сваё.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: Цябе, Адзінага ў трох Асобах Бога ўсіх, апяваю: Айца, і Сына, і Духа Святога.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: Прачыстая Багародзіца Дзева, адзіная ўсімі апява́емая, маліся старанна, каб спасці́ся нам.

Песня 3

На непару́шным, Хрысце, камені запаведзяў Тваіх умацуй мае памышленні.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Агонь ад Госпада аднойчы нібы дажджом праліўшы, зямлю Садомскую Гасподзь некалі спаліў.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

На гары ратуйся, душа, як той самы Лот, і ў Сігоры укрывайся.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Уцякай ад запале́ння, душа, уцякай ад садомскага пажарышча, уцякай ад знішчэ́ння Бажэственным полымем.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Саграшыў перад Табою адзін я, саграшыў больш за ўсіх, Хрысце Спасіцелю, але не пагарджа́й мною!

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Ты, Пастыр Добры, знайдзі мяне, як ягня, і заблука́лым не пагарджа́й мною.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Ты Салодкі Іісусе, Ты Стварыцель мой! Табою я, Спасіцель, апраўда́юся.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Спавяда́юся перад Табою, Спасіцель: саграшыў я, саграшыў перад Табою, але аслаб, адпусці мне, як Мііласэрны.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

О, Троіца, Адзіны Божа! Збаў нас от падма́ну, і спакус, і няшчасцяў.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Радуйся, Улонне, Якое Бога ўмясціла, радуйся, Прастол Гасподні, радуйся, Маці Жыцця нашага.

Песня 4

Ірмо́с: Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашы́ўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і лю́дзям явіцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашы́ўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Справамі рук Тваіх не пагарджа́й, стварэння Твайго не пакінь, Суддзя праведны. Хоць і адзін я саграшыў, як чалавек, больш за ўсякага чалавека, Чалавекалюбец, але Ты маеш, як Гасподзь усяго, уладу адпускаць грахі.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Набліжа́ецца канец, душа, набліжа́ецца, а ты не дба́еш, не рыхтуешся; час скарача́ецца, устань: блізка, пры дзвяра́х Суддзя. Як сон, как кве́цень, час жыцця бяжыць, навошта мы марна мітусімся?

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Уздыміся, душа мая! Пра ўчы́неныя табою справы думай, і іх перад вачыма сваімі ўяўля́й, і кропля за кропляй слёзы твае пралівай, раскажы адважна пра свае справы і думкі Хрысту і апраўдайся.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Няма ў жыцці ні граху, ні дзе́яння, ні зла, у якіх бы я, Спасіцель, не саграшыў, розумам, і словам, і жаданнем, і наме́рам, і думкаю, і справаю саграшы́ўшы, як ніхто іншы ніколі.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Таму і асу́джаны быў, таму і абвінава́чаны быў я, няшчасны, сваім сумленнем, за якое нічога ў свеце няма стражэйшага; Суддзя і Збавіцель мой, Які ўсё ведаеш, злітуйся, абарані і спасі мяне, раба Твайго.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Лесвіца, якую бачыў у старажытнасці вялікі сярод патрыярхаў, указвае, душа мая, на ўзыхо́джанне справамі і на ўзвышэ́нне розумам; таму, калі хочаш жыць у дзе́янні, і ў разуменні, і ў сузіранні, то абнаўляйся.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Гарачыню дзённую мусіў цярпець патрыярх і мароз начны пераносіў, кожны дзень прыбы́так памнажа́ючы, пасучы́, працуючы, рабскі слу́жачы, каб з дзвюма жонкамі злучы́цца.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Пад жонкамі дзвюма разумей дзе́йнасць і пазна́нне праз сузіра́нне: пад Ліяю, як мнагадзетнаю – дзейнасць, пад Рахіллю ж, як атры́манаю многаю працаю – пазна́нне, бо без працы ні дзейнасць, ні сузіранне, душа мая, не ўдаскана́ляцца.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: Нераздзе́льнае Істотаю і нязлі́тнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінаца́рственнае і Супрасто́льнае, я навуча́юся богапазна́нню. Спяваю Табе песню ве́лічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: І нараджа́еш Ты, і застаешся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.

Песня 5

Ірмо́с: Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсня́ць волю Тваю.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

У ночы жыццё маё я праводзіў заўсёды, бо цемраю і глыбокім змрокам была́ для мяне ноч граху; але сы́нам дня, Спасіцель, пакажы мяне.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Падобна Рувіму я, акаянны, здзе́йсніў беззаконную і злачы́нную заду́му перад Богам Усявышнім, апаганіўшы ложа маё, як той ложа бацькава.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Спавядаюся перад Табою, Хрысце Цару: саграшыў, саграшыў я, як некалі браты, прадаўшы Іосіфа – плод чысціні і цнатлівасці.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Роднымі праведная душа была звя́зана, прада́дзены быў у рабства ўзлюблены, – як правобраз Госпада; ты ж, душа, сама ўсю сябе прадала злым справам тваім.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Розуму Іосіфа праведнага і цнатлівага будзь падобнай, акаянная і нягодная душа, і не апаганьвайся бяздумнымі імкне́ннямі, заўсёды чы́нячы беззаконні.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Калі і быў некалі ў яме Іосіф, Уладару Госпадзі, то як правобраз пахавання і Уваскрасення Твайго; а я што́ і калі Табе падобнае прынясу?

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух", – простая Істота, Адзінства заўсёды пакланя́емае.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: З Цябе, непару́шаная, бязмужняя Маці-Дзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.

Песня 6

Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраметнага, і вы́веў з пагібелі жыццё маё.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Слёзы, Спасіцель, вачэй маіх і стогны з глыбіні душы шчыра прыношу Табе, усклікаючы сэрцам: "Божа, я саграшыў перад Табою, ачысці мяне!".

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Ухілілася ты, душа, ад Госпада твайго, як Дафа́н і Авіро́н; але ўсклікні з пекла апраметнага, просячы літасці, каб прорва зямная не пакрыла цябе.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Як цялушка ашале́лая зрабілася ты, душа, падобнай да Яфрэма; але, як сарну ад пасткі, захавай жыццё сваё, акрыліўшы розум дзе́яннем і сузіра́ннем.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Рука Маісея няхай засведчыць нам, душа, як можа Бог пракажонае жыццё вы́беліць і ачысціць, і не адчайвайся сама за сябе, хоць ты і пракажоная.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: "Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злучанае па прыродзе", – Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыняў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам по малітвах Тваіх апраўдацца.

Кандак, глас 6: Душа мая, душа мая, / паўстань, што спіш ты? / Канец набліжа́ецца, / і ты моцна збянтэ́жышся. / Уздымі́ся ж, / каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, // Які ўсюды прысу́тны і ўсё напаўня́е.

Песня 7

Ірмо́с: Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не вы́каналі таго, што Ты запаве́даў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Саграшыў я, учыніў беззаконне, і адпрэчыў запаведзь Тваю, бо і народжаны быў ужо ў грахах, і яшчэ прыклаў да язваў сваіх раны; але Ты Сам мяне памілуй як міласэрны, айцоў Божа.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Тайны сэрца майго я вы́знаў перад Табою, Суддзёй маім, убач маю пакору, убач смутак мой, пачуй самаасуджэ́нне маё цяпер і Сам мяне памілуй як Міласэрны, айцоў Божа.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Саул некалі, згубіўшы асліц бацькі свайго, нечакана атрымаў царскі сан і славу; таму глядзі, душа, не забывайся, да скоцкіх пажаднасцей сваіх імкнучыся больш, чым да Царства Хрыстова.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Богаайцец Давід некалі хоць і саграшыў двойчы, душа мая, працяты быў стралою пралюбадзейства і, як кап'ём, быў паранены пакараннем за забойства, але ты сама горшымі за тыя дзеянні абцяжарана – самавольнымі імкненнямі.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Далучыў Давід некалі беззаконне да беззаконня, забойства з пралюбодзействам змяша́ўшы, але пакаянне падвойнае прынёс у хуткім часе; ты ж горшыя справы ўчыніла, душа, не раскаяўшыся перад Богам.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Давід некалі вы́явіў, напісаўшы, як на іконе, песню, праз якую ён выкрывае тое, што зрабіў, усклікаючы: "Памілуй мяне, бо перад Табой Адзіным я саграшыў, усіх Богам. Сам ачысці мяне!"

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыцці – усіх Бога.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: Апява́ем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланя́емся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы – Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.

Песня 8

Ірмо́с: Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Мяне, які саграшыў, памілуй, Спасіцель, уздымі розум мой дзеля навяртання, прымі мяне ў пакаянні, злітуйся нада мною, які ўсклікае: "Саграшыў я перад Табою, спасі; беззаконне я ўчыніў, памілуй мяне!"

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Каляснічнік Ілія, на калясніцу дабрадзейнасцяў узышоўшы, як на нябёсы уздымаўся некалі вышэй за ўсё зямное; таму пра яго ўзыходжанне, душа мая, разважа́й.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Елісей некалі, прыня́ўшы міло́ць Іліі, атрымаў асаблівую благадаць ад Бога; ты ж, душа мая, не стала супольніцай той благадаці за няўстры́манасць.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Іардана цячэнне міло́ццю Іліі для Елісея некалі спынілася па той і другі бок; ты ж, душа мая, не стала супольніцай той благадаці за няўстры́манасць.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Саманіцянка некалі з добразычлівасцю праведніка прыняла́, ты ж, душа, не ўвяла ў свой дом ні прышлага, ні падарожнага; за гэта будзеш з хорама вы́кінута прэч з рыданнямі.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Гіезі́еў нячысты нораў заўсёды пераймала ты, акаянная душа; срэбралюбства яго адкінь хоць у старасці, пазбягай агню геенскага, адступіўшыся ад ліхіх спраў тваіх.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра – плоць Эману́іла ўнутры ўлоння Твайго сатка́лася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.

Песня 9

Ірмо́с: Нараджэнне зачатага без семені – неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, – беззага́нны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Розум пара́нены, цела немачнае, хварэе дух, слова зняможылася, жыццё змярцвела, канец каля дзвярэй. Дык вось, няшчасная душа мая, што будеш рабіць, калі прыйдзе Суддзя выпрабоўваць справы твае?

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Маісееву кнігу пра стварэнне свету пераказаў я для цябе, душа, і за ёй – усё запаветнае Пісанне, якое апавядае аб праведных і няправедных; з іх другіх, а не з першых брала прыклад ты, душа, перад Богам саграшыўшы.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Закон не мае сілы, бяздзейнічае Евангелле, і ўсё Пісанне ў цябе без увагі: прарокі страцілі моц і ўсякае праведнае слова. Язвы твае, душа, прымножыліся, і няма лекара, каб ацаліць цябе!

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Новазапаветнага Пісання прыводжу табе прыклады, якія прыводзяць цябе, душа, у скру́шанасць. Дык вось, на праведных раўняйся, ад грэшных жа адвярніся, і ўміласціўля́й Хрыста малітваю, і постам, і чысцінёю, і благагавеннем.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Хрыстос, прыня́ўшы чалавечую прыроду, заклі́каў да пакая́ння разбойнікаў і блудніц. Душа, пакайся: дзверы Царства адчынены ўжо, і першымі дасягаюць яго фарысеі, і мытнікі, і пралюбадзеі, якія каюцца.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Хрыстос стаў дзіцяткам, плоццю да мяне далучыўшыся, і дабравольна спазнаў усё, уласцівае чалавечай прыродзе, акрамя граху, прыклад табе, душа, паказваючы і вобраз Свайго прышэсця.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Хрыстос валхвоў уратава́ў, пастухоў склікаў, мноства немаўлят зрабіў мучанікамі, старца праславіў і старэнькую ўдаву. Ні іх справам, ні жыццю не імкнулася быць падобнай ты, душа; дык гора табе, калі на Судзе ты станеш.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

Пасці́ўся Гасподзь сорак дзён у пустыні, і ўрэшце адчуў голад, выяўляючы ў Сабе прыроду чалавечую. Душа, не лянуйся: калі на цябе паўстане вораг, то малітваю і постам ад ног тваіх няхай адкінуты будзе.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Троічны: Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся – Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыццям, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Багародзічны: Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю царствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыя́ннем адольвае ўсякае выпрабава́нне, і скара́е ворагаў, і трымае іх у паслушэ́нстве.

Прыпеў: Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.

Андрэю: Андрэе дастахва́льны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.